Янка Купала (сапр. — Іван Дамінікавіч Луцэвіч; 25 чэрвеня (7 ліпеня) 1882 — 28 чэрвеня 1942) — клясык беларускае літаратуры, паэт, драматург, публіцыст, заснавальнік (разам зь Я.Коласам) новае беларускае літаратуры і беларускае літаратурнае мовы. Народны паэт Беларусі (1925). Акадэмік АН Беларусі і АН Украіны (1929). Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1941) за зборнік „Ад сэрца“.
Творчасьць Купалы прызнаецца за летапіс жыцьця беларускага народа, адбітак яго нацыянальнага характару і сьветаразуменьня. У сваіх сатырычных камэдыях „Паўлінка“ (1912) і „Тутэйшыя“ (1922), драмы „Раскіданае гняздо“ (1913) выявіў духоўную прыгажосьць і маральныя заганы розных сацыяльных супольнасьцяў беларускага грамадзтва, складаны гістарычны лёс народа і самабытнасць беларускае культуры. У раньняй паэзіі, блізкай да фальклёру сваёй вобразнасьцю, адлюстраваў цяжкую долю беларускага народу, адметныя рысы яго гістарычнага шляху і характару, сьветаўспрыманьня (зборнікі вершаў „Гусьляр“, 1910; „Шляхам жыцьця“, 1913; паэмы „Адвечная песьня“, 1908; „Сон на кургане“, 1910; „Магіла льва“, 1913) і інш









