Паходзіў з прыгонных сялянаў памешчыкаў Бондыравых. Спачатку яго прозьвішча было Васільеў. У 1851 годзе, пасьля атрыманьня «вольнай» ад свайго пана Васіля Бондырава, ён прыпісаўся ў мяшчане і выбраў сабе прозьвішча „Вераніцын“.
Вучыўся ў Гарадоцкай парафіяльнай школе, Віцебскай гімназіі (1845—1852) і два гады ў Пецярбурскай мэдыка-хірургічнай акадэміі, адкуль яго адлічылі ў 1854 годзе. У 1857 паступіў у Горы-Горацкі інстытут адразу на трэці курс, і ў 1859 г. у ліку найлепшых студэнтаў скончыў яго са званьнем агранома, напісаўшы дысэртацыю „О белорусском хозяйстве“. Пэўны час працаваў выкладчыкам у Маладзечанскай настаўніцкай сэмінарыі, потым служыў у Пецярбургу ў апараце Міністэрства шляхоў зносін. У 1900 выйшаў у адстаўку ў чыне стацкага саветніка. Яго найвядомейшая паэма „Тарас на Парнасе“ складалася за часам пецярбурскага ды горацкага побыту. Месца знаходжаньня магілы Вераніцына ў Пецярбургу, як і дакладная дата яго сьмерці невядомая.